НАВУМЧЫК
1.24K subscribers
139 photos
12 videos
168 links
Сяргей Навумчык
Download Telegram
ЧАМУ ПУЦІН НЕ ПАДТРЫМАЕ БАБАРЫКУ

Заява прыхільнікаў Віктара Бабарыкі аб стварэньні партыі актывізавала дыскусіі пра падтрымку былога кіраўніка банку Крамлём — прычым ня толькі ў справе ягонага вызваленьня, але і ў далейшым магчымым вылучэньні на пасаду прэзыдэнта. Тым больш, што, паводле некаторых апытаньняў, менавіта Бабарыка мае цяпер найбольшы палітычны рэйтынг.

Яшчэ некалькі месяцаў таму такі варыянт падаваўся цалкам рэальным. Але цяпер зьявіўся адзін фактар, які ставіць пад сумнеў падтрымку Пуціным Бабарыкі ў якасьці замены Лукашэнкі (пры тым, што, паводле некаторых крыніцаў, Крэмль працягвае настойваць на ягоным вызваленьні).

Імя гэтага фактару — Навальны.

Аналітыкі справядліва адзначаюць, што Крэмль не падтрымаў пратэст у Беларусі не ў апошнюю чаргу і таму, што Пуцін не жадаў дэманстраваць расейскаму насельніцтву прыклад зьмены ўлады ў выніку масавых акцый. Занадта ўжо спакусьлівым можа падацца такі прыклад для расейскага народа.

Цяпер, калі галоўны апанэнт Пуціна Аляксей Навальны знаходзіцца за кратамі і прызнаны палітычным вязьнем, дапамагаць іншаму палітычнаму вязьню ў суседняй краіне атрымаць уладу — азначае паказаць свайму народу прамую пэрспэктыву: сёньня — у турме, заўтра — у Крамлі. Ёсьць, канешне, клясычныя прыклады Мандэлы і Гаўла, але дзе тая Афрыка і дзе тая Эўропа? А Беларусь — побач.

Увогуле, у сваім сёньняшнім аслабленым стане Лукашэнка задавальняе Пуціна па ўсіх парамэтрах; па вялікім рахунку, мяняць яго на некага іншага няма асаблівай патрэбы.

Тым больш, калі такая замена ўмацуе пазыцыі палітыка, імя якога Пуцін імкнецца ніколі не вымаўляць.
Калі размовы Эйсмант сапраўды былі часткай апэрацыі КГБ, тады фільм мусіў бы зьявіцца раней, каб прадухіліць рашэньне фэдэрацыі аб неправядзеньні ў Менску чэмпіянату сьвету па хакею. Атрымліваецца, апэрацыя абыйшлася Лукашэнку коштам страты ягонай любімай цацкі. “Нешта тут не сыходзіцца”, як любіў казаць штандартэрфюрэр фон Шцірліц, ён жа палкоўнік Ісаеў.
“Палата прадстаўнікоў” прагаласавала за рэпрэсіўныя папраўкі ў законы. Ці лічыце Вы мэтазгодным, пасьля падзеньня рэжыму, пазбавіць экс-дэпутатаў прызначаных Лукашэнкам “палатаў” надбавак да пэнсіі і выкрэсьліць іх “дэпутацтва” з працоўнага стажу?
Anonymous Poll
95%
Так
3%
Не
2%
Ня ведаю
30 год таму пачаўся гістарычны «красавіцкі страйк». Яго кульмінацыя, калі ў Воршы рабочыя селі на рэйкі і спынілі рух па трасе Масква-Парыж, стала і апошнім днём страйку: 1-шы намесьнік старшыні ВС Шушкевіч паслаў у Воршу 1500 ОМОНаўцаў. “Да гэтага часу мы прымянялі плятанічныя мэтады, але шмат якія дзеяньні арганізатараў страйку мяжуюць са злачынствам” – пракамэнтаваў Шушкевіч свае дзеяньні (газэта “Коммерсантъ- власть”, 67, 1991).
ХУТКА — НЯ БУДЗЕ Такім чынам, у жніўні 2020-га народ абраў шлях мірнага супраціву. Гэта – права народа.

Цяпер прыходзіць усьведамленьне, што спасылкі на хуткі посьпех мірных пратэстаў у Чэхаславаччыне 1989 ці ў Армэніі нядаўна – не ўлічвалі істотных фактараў: у адным выпадку гуманнасьці (адноснай) рэжыму, у другім – нацыянальнай мэнтальнасьці.

У 1989 кіраўніцтва ЧССР не пажадала праліваць кроў, не пажадаў падтрымліваць камуністычны рэжым танкамі і “калашніавымі” і Гарбачоў.

У Армэніі “акрэсьціна” проста не магло быць: лёс тых, хто б зьбіваў і катаваў, быў бы вызначаны вельмі хутка і не заўсёды - судом.

У Беларусі рэжым атрымаў падтрымку ад Масквы (Пуцін гатовы быў увесьці і войскі, гэта не Гарбачоў), ну а сілавікі -- атрымалі кветкі – ад беларусаў.

Прыходзіць разуменьне, што хуткага выніку —- ня будзе. Верагодна, мірны пратэст зойме гады – гады проціставяньня ўзброенай сіле, рэпрэсіям, татальнаму беззаконьню, у сытуацыі, калі цывілізаваны сьвет мае вельмі абмежаваныя магчымасьці паўплываць на рэжым.

Магчыма, гэта галоўны ўрок, які можна зрабіць на сёньня.

Як некалі казаў Быкаў - кожны свой шлях да свабоды праходзіць самастойна. Ён меў на ўвазе асобу, але, пэўна, гэта можна прыкласьці і да асобнай нацыі.
ЛУКАШЭНКА – НЕ ЯРУЗЭЛЬСКІ. Прагноз: ня пойдзе Лукашэнка ні на якія перамовы з «апазыцыяй». Паняцьце «дыялёг» – не ўкладаецца ў прамую, як удар дубінкай, траекторыю ягонага мысьленьня. Паралель з «круглым сталом» у Польшчы і з Ярузэльскім – нацягнутая. Ярузельскі ўвёў ваеннае становішча, але не даваў загадаў на масавыя катаваньні. Пасьля забойства Папялушкі Ярузэльскі загадаў расьследаваць справу, забойцы былі знойдзеныя і асуджаныя (так, яшчэ пры Ярузэльскім). Нарэшце, калі ўжо прыгадваць Ярузельскага, – генэрал быў высокаадукаваным чалавекам, мог гадзінамі разважаць пра Міцкевіча і Дастаеўскага, гэты – толькі пра хакей. Паказальная розьніца, я лічу.

І нарэшце: Ярузэльскі не жадаў вываду савецкіх танкаў на вуліцы польскіх гарадоў, Лукашэнка – прасіў Пуціна пра дапамогу. Праўда, да тэмы здольнасьці да дыялёгу гэта ня мае адносінаў. Але тычыцца разуменьня каштоўнасьці сувэрэнітэту.

Што ж да надзеяў у якасьці гаранта выкананьня дамоўленасьцяў прыцягнуць Маскву… У 1996 на Крэмль спадзяваўся Шарэцкі, сеў за стол перамоваў з Лукашэнкам пры пасярэдніцтве Крамля – скончылася правалам імпічмэнту, у якім Лукашэнка стаяў ужо адной нагой, і разгромам Канстытуцыі. І Масква была першай, хто прызнаў перамогу Лукашэнкі.

Ня трэба ілюзій.
Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце «генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчынай вайны». Перакананы: калі-небудзь генпракуратура (у іншым складзе, зразумела) узбудзіць крымінальную справу па факце генацыду беларускага народа ў гады існаваньня камуністычнага рэжыму (які цягнецца і па сёньня). Бо бяз гэтага – Беларусь ніколі не пазбавіцца ад паўтораў Курапатаў, НКВД-КГБ, Акрэсьціна і лукашэнак.
Ці пагаджаецеся Вы з гэтай цытатай Паўла Латушкі? “Паставім сабе пытанне: калі б дэмакратычныя сілы не пайшлі на выбары 9 жніўня 2020 года, то дзе б мы сёння былі? Працягвалася б стагнацыя, не было б уздыму людзей і жадання да пераменаў».
Anonymous Poll
70%
Так
11%
Не
19%
Ня маю адназначнага адказу
БЕЛАРУСЫ ЗАСТАЮЦЦА НАРОДАМ. Цяпер гучаць самыя розныя ацэнкі і вэрсіі падзеяў 2020 года. У тым ліку і такія: гэта апэрацыя Масквы, каб людзі выйшлі на вуліцы, затым – крывавыя сутыкненьні, увод расейскіх войскаў і анэксія (альбо – крывавы разгон, міжнародная ізаляцыя і тая ж анэксія).

Я лічу, што ўсякія ацэнкі і вэрсіі маюць права на існаваньне і на іх аналіз. Гэта, калі хочаце, частка нармальнага палітычнага працэсу.

Мне толькі незразумелае сьцьвярджэньне, што калі б ня жнівень-2020 -- Лукашэнка б пачаў умацоўваць Незалежнасьць, пайшоў бы на кантакт з грамадзтвам, праводзіў бы беларусізацыю. Маўляў, ён ужо быў да гэтага гатовы, а тут – раз! – і стотысячныя шэсьці з патрабаваньнем сыходу. Ну, як не пакрыўдзіцца, не страляць і не пачаць рэпрэсіі?

Але якое “умацоўваць Незалежнасьць”, калі ён ня толькі ад грамадзтва, але і ад свайго кішэннага “парламенту” схаваў зьмест апошніх “дарожных картаў”? Які кантакт з грамадзтвам, калі адразу з пачатку пандэміі пачаліся рпрэсіі да тых, хто імкнуўся казаць пра яе праўду і арганізоўваў дапамогу? Якая беларусізацыя, каклі колькасьць беларускіх школаў не павялічвалася, а скарачалася?

Адкуль, цікава б ведаць, інфармацыя пра добрыя намеры Лукашэнкі на шостым прэзыдэнцкім тэрміне, калі ў папярэднія пяць іх – не было?

З усіх варыянтаў і ацэнак разважаньні пра “добрыя намеры” Лукашэнкі павінны быць выключаныя. Па-мойму, тое, як расправіўся ён з грамадзтвам ў жніўні і якія рэпрэсіі праводзіць цяпер – лепшае сьведчаньне, што гэтаму чалавеку станоўчыя намеры не ўласьцівыя па вызначэньні і ні пры якіх умовах.

Ну хіба калі толькі 9,5 мільённы народ апусьціўся б перад ім на калені і пагадзіўся на пажыцьцёвае ягонае ўладарства.

Але тады трэба было б прызнаць, што беларусы – рабы.

На шчасьце, беларусы былі і застаюцца народам.
ЧАМУ Я НЯ ВЕРУ Ў АФІЦЫЙНУЮ ВЭРСІЮ ТЭРАКТУ Ў МЭТРО

У чэрвені 1992 году, калі я як сакратар парлямэнцкай камісіі па СМІ і правах чалавека на запрашэньне Дзярждэпартамэнту быў у ЗША, у Вашынгтоне давялося наведаць штаб-кватэру Фэдэральнага бюро расьледаваньняў (ФБР).

І я запытаўся ў намесьніка дырэктара ФБР — ці ня мог бы ён паказаць (а магчыма, і даць патрымаць у руках?) стрэльбу, зь якой Лі Харві Освальд забіў прэзыдэнта Кенэдзі. Выглядала, просьба яго зьдзівіла, бо запытаўся, чым, уласна, выкліканая такая мая цікаўнасьць. Я адказаў, што ў пачатку 60-х Освальд жыў у Менску, і ў дадзеным выпадку ў ва мне гаворыць інтарэс журналіста, а не палітыка.

Кіраўнік ФБР адказаў мне як юрыст: стрэльба сапраўды захоўваецца ў ФБР, але яна закансэрваваная, і не як музэйны экспанат, а як рэчавы доказ. Бо так, прайшло амаль 30 гадоў з забойства ў Даласе, але яшчэ праз 30 крыміналістычная навука можа нагэтулькі прасунуцца наперад, што нешта сёньня нязначнае — апынецца вельмі важным. І. магчыма, дасьць новы погляд на злачынства. Таму «патрымаць» стрэльбу ня можа нават ён.

Як вядома, пастанова суду, які вынес сьмяротны вырак па справе тэракту ў Менскім мэтро 11 красавіка 2011 году, абавязвала зьнішчыць і рэчавыя доказы, якія належалі тым, каго расстраляюць — мабільныя тэлефоны, сумку дв іншае.

І гэта для мяне найбольшы аргумэнт, каб усумніцца ў афіцыйнай вэрсіі тэракту ў мэтро.

Ёсьць і яшчэ адзін, зьвязаны менавіта з датай 11 красавіка. Але нумаралёгія тут ні пры чым.

11 красавіка 1995 мы, дзевятнаццаць дэпутатаў Апазыцыі БНФ, абвясьцілі ў парлямэнце галадоўку супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене сімволікі, статусе беларускай мовы, праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт і інтэграцыі з РФ. Уначы ў Дом ураду былі ўведзеныя войскі, нас зьбіла спачатку група КДБ «Альфа», а потым спэцназ. Дзяжурныя лекары лечкамісіі зафіксавалі цялесныя пашкоджаньні.

Але нараніцу Лукашэнка заявіў, што дэпутатаў ніхто і пальцам не крануў, і абяцаў паказаць па ТВ відэа, дзе нас далікатна выносяць з залі.

Па сёньняшні дзень не паказаў.
Летам 1992 году разам з дэпутатам Віктарам Кучынскім (тым самым, які потым праславіцца заявай, што гатовы «абараняць Лукашэнку з гранатамётам») мне давялося быць у Азэрбайджане, у якасьці назіральніка на першых прэзыдэнцкіх выбарах.

А канкрэтна — у Нахічэванскай аўтаномнай рэспубліцы.

І нас запрасіў да сябе старшыня Вярхоўнага Савету Нахічэвані Гейдар Аліеў. Ён жыў у трохпакаёвай кватэры разам зь сям'ёй сястры, а «офіс» месьціўся ў будынку, які нічым не адрозьніваўся ад райвыканкаму дзе-небудзь у Паставах ці ў Глуску.

З той розьніцай, што ні ў Паставах, ні ў Глуску я ня бачыў, каб перад райвыканкамамі бегалі куры.

Але цяпер я не пра больш чым сьціплыя ўмовы — хоць, прызнаюся, яны ўспрымаліся кантрастам зь іміджам колішняга члена яшчэ брэжнеўскага Палітбюро, першага сакратара ЦК кампартыі Азэрбайджану і першага віцэ-прэм’ера СССР.

Гутарылі мы з Аліевым шмат пра што, але вось што мяне тады ўразіла: за ўвесь час ён ні словам ня выказаў шкадаваньня пра распад СССР. У Азэрбайджане былі баявыя дзеяньні, умовы жыцьця набліжаліся да жабрацкіх, а Аліеў казаў, што азэрбайджанскі народ выбірае свой шлях, і шлях гэты будзе вельмі няпросты. Але гэта — шлях незалежнасьці.

У той самы час у Беларусі былыя камуністычныя лідэры, якія даўно ачунялі ад постпутчаўскага шоку (як цяпер бы сказалі — псыхічнай траўмы), пракліналі БНФ і Шушкевіча за незалежнасьць і патрабавалі «адрадзіць Саюз».

На пытаньне, ці бачыць ён сябе на пасадзе большай, чым сьпікер парлямэнту маленькай аўтаноміі, Аліеў усьміхнуўся і адказаў, што ён падпарадкоўваецца волі народу. Народ сам вызначыць, у якой ступені ён, Аліеў, патрэбны народу. Усё ў руках народу.

Ці сам народ ужо ў наступным, 1993-м, прыняў рашэньне абраць Аліева прэзыдэнтам, ці народу падказалі (Аліеў — кадравы чэкіст і ў 60-я ўзначальваў КДБ Азэрбайджанскай ССР), але факт застаецца фактам.

Як бясспрэчна і тое, што Аліеў адразу пасьля спыненьня баявых дзеяньняў пачаў рэфармаваньне эканомікі, у тым ліку і з такімі радыкальнымі крокамі, як увядзеньне права прыватнай уласнасьці на зямлю. У 1994-м ён падпісаў «Кантракт стагодзьдзя» на распрацоўку радовішчаў нафты найбуйнейшымі заходнімі кампаніямі.

І хоць пры ім Азэрбайджан далучыўся да СНД, Аліеў нідзе і ніколі не выказваў ніякага жаданьня «цеснай інтэграцыі» з Расеяй ці, скажам, уніфікацыі заканадаўства. Ці — стварэньня сумесных вайсковых груповак. Гэтак і з Турэччынай — пры шчыльных сувязях з Анкарой ён не зьбіраўся ўтвараць з Турэччынай «саюзную дзяржаву».

Гэткую палітыку праводзіць і сын Аліева, які з 2003 году ўзначальвае Азэрбайджан.

Я ня тое што далёкі ад ідэалізацыі клану Аліевых, але лічу, што іх мэтады ва ўнутранай палітыцы ня могуць і не павінны быць хоць у нечым для кагосьці прыкладам. У краіне — карупцыя, сямейнасьць (жонка Ільхама Аліева — віцэ-прэзыдэнт), з 1993-га ў краіне не было выбараў, якія былі б прызнаныя свабоднымі і справядлівымі, апазыцыйныя і грамадзкія дзеячы гвалтоўна зьнікаюць, іх забіваюць, зьбіваюць, у краіне дзясяткі палітвязьняў.

У гэтым сэнсе Аліеў-малодшы і Лукашэнка падобныя.

Ёсьць толькі адно, чым Аліеў адрозьніваецца ад свайго нядаўняга візаві: ён не прывёў сваю краіну на мяжу страты незалежнасьці, бо, як і яго бацька, бачыць у незалежнасьці каштоўнасьць.

Гэта тое, чаму Лукашэнка мог бы павучыцца ў абодвух Аліевых. Праўда, цяпер ужо позна. Хіба што каб ацаніць бяздарна страчаныя магчымасьці, якія ён меў у 1994-м — найвыгаднейшае геапалітычнае становішча, працавіты народ, якому трэба было нарэшце дазволіць валодаць зямлёй, мір і спакой.

Міру і спакою асабліва шкада.

Дарэчы, падчас напісаньня гэтага тэксту мне трэба было ўдакладніць адну дэталь, я зазірнуў у вікіпэдыю і зь вялікім зьдзіўленьнем убачыў, што Гейдар Аліеў быў узнагароджаны ордэнам Андрэя Першазваннага — самай высокай узнагародай Расеі. Нягледзячы на тое, што на пасадзе прэзыдэнта ніколі не прыніжаўся перад Масквой.

Такі ж ордэн мае і Назарбаеў.

А вось Лукашэнку ім не ўзнагародзілі.

Выслужваўся, але — не заслужыў. https://svabod1.azureedge.net/a/31206013.html
Блізкія сябры пацьвердзяць, што яшчэ ў 90-я я раіў чытаць дасьледаваньні пра Сталіна, каб лепей зразумець, што адбываецца і што адбудзецца, – але многія лічылі, што «сталінізм асуджаны», «высновы зробленыя», «былое ня вернецца». Чалавек, аднак, не мяняецца з часоў Калігулы і Нэрона, проста Сталін (як і Гітлер) – бліжэйшыя для нас.

Чытаю прагнозы, што Лукашэнка выпусьціць палітвязьняў – пад ціскам Пуціна. Адкуль узяцца такой гуманнасьці ў Пуціна, у якога ў турме Навальны, і якога, як бачна, не пужае нават верагоднасьць сьмерці вязьня нават пад пагрозай новага этапу санкцый? Навошта Лукашэнка разгортваў маштабныя рэпрэсіі, каб іх вось гэтак раптоўна спыніць?

Вы можаце ўявіць, каб пасьля раскрыцьця «змовы» Тухачэўскага, які нібыта хацеў зьнішчыць Сталіна (я, канешне, не раблю ніякіх паралеляў паміж асобамі маршала і захопленымі ў Маскве) – каб пасьля гэтага Сталін узяў і вызваліў мільёны, закінутых у ГУЛАГ – сярод якіх большасьць дакладна жадала гібелі Сталіна? Навошта? Дзе тут лёгіка?

Такі альтруізм, такі алгарытм паводзінаў не ўкладаецца ў паранаідальную псіхалогію дыктатараў. І ў часы антычнасьці, ні ў часы лічбавых тэхналёгій яны ўспрымаюць толькі адзін спосаб утрыманьня ва ўладзе як самы надзейны: рэпрэсіі.
Выступ Пуціна канчаткова пахаваў спадзяваньні некаторых наіўных на дапамогу Масквы ў адхіленьні ад улады Лукашэнкі. Наадварот – будзе моцная падтрымка. Танкамі, самалётамі і ракетамі – коштам беларускага сувэрэнітэту.
Для абмеркаваньня барацьбы з пандэміяй да Пуціна ня лётаюць. У выпадку падпісаньня Лукашэнкам дамоваў (антыканстытуцыйных) ён атрымае ад Пуціна ўсё, што папросіць. А просіць ён толькі грошы і абарону ад беларускага народа. Ну і відавочна, што арышт “змоўшчыкаў” – апэрацыя, праведзеная ФСБ-КДБ у мэтах абгрунтаваць актывізацыю аншлюсу (“Мы стварылі авіябазу, бо, як вядома, толькі СУ могуць абараніць Аляксандра Рыгоравіча ад пушкіністаў”).
ЛУКАШЭНКА ВЯРТАЕ СТАЛІНСКІЯ ЗАКОНЫ. Ну што ж, дэпутаты-прызначэнцы вяртаюць савецкую практыку, калі любую крытыку (скажам, сакратара райкаму) можна было кваліфікаваць як антысаветчыну і за гэта пасадзіць. Што такое “антысавецкая дзейнасьць” – у КК СССР было ня вызначана, як цяпер ня вызначана, што такое “экстрэмізм” ці “дыскрэдытацыя”. І я б сказаў, што пры Брэжневу заканапрымяняльная практыка была больш лібэральнай, чым сёньня пры Лукашэнку. Лукашэнка вяртае Беларусь да часоў свайго куміра -- Сталіна
Прайшла ноч пасьля сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным — інфармацыі пра вынікі ніякай (з «другіх рук» вядома, што з чатырох важных для РФ тэмаў Лукашэнка нібыта саступіў у галоўнай). Выглядае, рыхтуецца тая самая заява, якой Лукашэнка, па ягоных словах, «не рабіў 26 гадоў» (можна ўжо казаць, што 27).

У якіх Францыі ці Чэхіі журналісты ўжо б парвалі прэзыдэнцкую прэс-службу, а самога прэзыдэнта зраўнялі б зь зямлёй, бо народ мае права ведаць.

Але ў Беларусі няма легітымнага прэзыдэнта, а народ ня мае ніякіх правоў.
“Если меня убьют, власть перейдёт Совету безопасности». Па Канстытуцыі (якой бы яна ні была), улада ў выпадку няздольнасьці прэзыдэнта выконваць абавязкі пераходзіць да прэм’ер-міністра. У выпадку, калі ўлада пяройдзе не яму, а Радзе бясьпекі, гэта будзе неканстытуцыйны ворган, а па-просту кажучы – хунта. Зрэшты, легітымнага прэзыдэнта, як і легітымнага воргану ўлады, у Беларусі няма і цяпер.
Ці варта гуляць з шарлатанамі

Падаецца, горшае, што цяпер могуць зрабіць апанэнты ўлады для саміх сябе (і лепшае для Лукашэнкі) — гэта дамагацца вынасу на рэфэрэндум свайго праекту Канстытуцыі ў альтэрнатыву таму, якім прапануе адміністрацыя.

Такую памылку зрабіў у 1996 Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, калі разам з канстытуцыйнымі папраўкамі Лукашэнкі ўключыў у рэфэрэндум і праект Асноўнага закону, падрыхтаваны камуністамі. Падрабязна тую сытуацыю я апісваю ў кнізе «Дзевяноста шосты», якая неўзабаве выйдзе ў Бібліятэцы Свабоды, цяпер жа толькі нагадаю, што перад рэфэрэндумам з пасады старшыні ЦВК указам (антыканстытуцыйным) Лукашэнкі быў зьняты Вікар Ганчар, а выканаўцай абавязкаў прызначаная Лідзія Ярмошына.

Афіцыйны вынік: 83,7% — за варыянт Лукашэнкі, 9,4% — за праект парлямэнту.

Некалькі тысяч актывістаў БНФ, якія выйшлі на плошчу, ужо не маглі зьмяніць сытуацыю: Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет. І заявіў, што галасаваньне прайшло дэмакратычна, бо, глядзіце, і апанэнты мелі магчымасьць прапанаваць свой варыянт — значыць, плюралізм. Ды толькі народ іх, апанэнтаў, не падтрымаў, прагаласаваў за прапанову прэзыдэнта — што паробіш, дэмакратыя!

Для ўмацаваньня плюралізму і паглыбленьня дэмакратыі Лукашэнка зацьвердзіў Ярмошыну на пасадзе старшыні ЦВК.

Трэба думаць, што адсутнасьць у бюлетэнях на тым «рэфэрэндуме» альтэрнатыўнага праекту ня надта моцна паменшыла б лічбу, выведзеную спадарыняй Ярмошынай — але, бясспрэчна, ускладніла б прапагандысцкую кампанію, якая, як бы тое не было, адыграла сваю ролю нягледзячы на непрызнаньне рэфэрэндуму дэмакратычнай міжнароднай супольнасьцю.

У 96-м больш прадуктыўным выглядаў варыянт, калі б Вярхоўны Савет увогуле не прызначаў рэфэрэндум, заклікаў на яго не ісьці, а галоўнае — давёў да канца працэдуру імпічмэнту.

Але гэта ўжо зусім іншая тэма зь ліку бясконцых у палітычнай гісторыі прыкладаў, калі, губляючы ініцыятыву, палітыкі пагаджаюцца гуляць пра правілах больш моцнага праціўніка.

Асабліва калі моц гэтая палягае, пераважна, у шарлатанстве.
Як Лукашэнка ў 1989 зьбіў двух работнікаў свайго саўгасу і сышоў ад адказнасьці. І гэта - ня кінуў у ОМОНаўца кветкай з клумбы, за што цяпер даюць 6,5 гадоў.
ЧАМУ Ў 1995 НЕ АРЫШТАВАЛІ ЛУКАШЭНКУ, альбо ПАСЬЛЯСЛОЎЕ ДА ГАДАВІНЫ РЭФЭРЭНДУМУ

Мінула яшчэ адна гадавіна рэфэрэндуму-95, які зьмяніў герб, сьцяг, статус беларускай мовы, даў прэзыдэнту права на роспуск парлямэнту і эканамічную інтэграцыю з РФ, і мне, як і іншым тагачасным дэпутатам БНФ, давялося чарговы раз адказваць на пытаньне: а што тады, у 95-м, можна было зрабіць па іншаму? Так, каб не дапусьціць рэфэрэндуму, які ўжо ўвайшоў у гісторыю як нацыянальная ганьба?

Але спачатку мушу нагадаць храналёгію падзеяў.

Зьбіцьцё дэпутатаў БНФ – гэта, перакананы, ключавая падзея ў найноўшай гісторыі Беларусі, пасьля якой, па трапным выразе Васіля Быкава, «краінай кіруе прэзыдэнцкая хунта».

Калі казаць пра нас, 19 дэпутатаў БНФ, дык мы зрабілі ўсё магчымае. Пра гэта чамусьці рэдка ўзгадваюць, але 11 красавіка, адразу пасьля абвяшчэньня галадоўкі, вынесеныя Лукашэнкам пытаньні (яны былі антыканстытуцыйныя) пачалі правальвацца – яны не набіралі належнай для ўнясеньня ў бюлетэні колькасьці галасоў дэпутатаў. Прынялі толькі пытаньне пра эканамічную інтэграцыю. З Лукашэнкам здарылася чарговая істэрыка, ён пакінуў Авальную залю. Уначы ў парлямэнт былі ўведзеныя войскі, дэпутаты былі зьбітыя групай КГБ «Альфа», спэцназам і міліцыяй.

Нараніцу 12 красавіка ў кабінэце ў старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба з удзелам Генэральнага пракурора Васіля Шаладонава мы расказалі пра начныя падзеі. Грыб заявіў, што «яшчэ ніколі Беларусь не была нагэтулькі блізка да грамадзянскай вайны» (гэтую фразу тагачасны карэспандэнт «Известий» Аляксандар Старыкевіч пасьпеў перадаць у прэсу яшчэ да таго, як праз тры гадзіны Грыб ад яе адмовіцца), а генпракурор Шаладонаў заявіў, што ўзбуджае крымінальную справу (што ён і зрабіў).

Праз дзьве гадзіны мусіла адбыцца паседжаньне ВС, але міліцыянеры не пускала ў Дом ураду дэпутатаў, і нават схапілі… генэральнага пракурора. Мы ўсё ж прарваліся ў будынак, потым пусьцілі і астатніх дэпутатаў. Паседжаньне адбылося. Прыбег Лукашэнка, заявіў, што ніхто нікога не зьбіваў, што ён пакажа відэастужку (так і не паказаў), што ён з кіраўніком адміністрацыі Сініцына кантралявалі сытуацыю.

Потым дэпутаты, на чале з Мечыславам Грыбам, прагаласавалі за вынесеныя на рэфэрэндум пытаньні, вярнулі 7 лістапада як дзяржаўнае сьвята, сфатаграфаваліся з Лукашэнкам і выпілі прапанаваныя Лукашэнкам «па сто грамаў».

А цяпер – што можна і трэба было зрабіць.

Зьбіцьцё дэпутатаў парлямэнту – гэта тэрарыстычны акт супраць дзяржаўных дзеячоў, прычым пры ажыцьцяўленьні імі дзяржаўных і палітычных функцый (а галадоўка была палітычнай, і сэсія парлямэнту была не завершаная). Адказнасьць за гэта, па Крымінальным кодэксе – аж да сьмяротнага пакараньня.
Злачынцам чалавека можа назваць толькі суд.

Але ўжо раніцай 12 красавіка 1995 году было ясна, што адбылося злачынства, і што Лукашэнка мае да гэтага самае непасрэднае дачыненьне.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын (як мінімум гэтыя двое) павінны былі быць арыштаваныя. Сілы, здольныя гэта зрабіць, былі (калі нават праз паўтары гады, у лістападзе 1996 людзі ў пагонах казалі кіраўнікам ВС-13, што здольныя заблякаваць ахову Лукашэнкі і яго арыштаваць у выпадку імпічмэнту).

А цяпер спраекуйце тыя падзеі ў Менску на нядаўнія падзеі ў Вашынгтоне, і ўявіце, што падпарадкаваныя Трампу спэцназаўцы ўварваліся ў Капітолій са зброяй, зьбілі ў кроў кангрэсмэнаў, выкінулі іх з будынку. І задайце сабе пытаньне: а ў такім выпадку запазьбег бы Трамп імпічмэнту? Адказ відавочны. Тое, што працэдура імпічмэнту была б імгненна запушчаная, думаю, сумненьню таксама не падлягае.

Дык вось, Мечыслаў Грыб мусіў не працягваць галасаваньне па антыканстытуцыйным рэфэрэндуе, а распачаць працэдуру імпічмэнту. Мінімальна, ён мусіў пра гэта абвесьціць публічна – гэта кардынальна зьмяніла б сытуацыю і настроі ў грамадзтве (у тым ліку, што важна, і сярод сілавіком – прыгадаем, што Грыб – генэрал-лейтэнант, гэта не старэйшыя лейтэнанты Беленькі, Голубеў ці Навумчык, аўтарытэт генэральскіх пагон у афіцэраў тады быў высокі; сумняюся, што ён застаўся такім цяпер). (працяг ніжэй)
(працяг) Дарэчы, для імпічмэнту былі законныя падставы і акрамя зьбіцьця дэпутатаў.

Якраз у той дзень, 12 красавіка, распачаўся працэс у Канстытуцыйным Судзе па позве дэпутатаў аб парушэньні Лукашэнкам Канстытуцыі («белыя плямы» у газэтах замест антыкарупцыйнага дакладу, манапалізацыя прэзыдэнтам СМІ і г.д.). Мне давялося прадстаўляць на працэсе бок 70 дэпутатаў, якія падпісалі зварот у КС, а ад імя Канстытуцыйнага Суду выступаў Міхаіл Пастухоў.

Сёньня гэта здаецца фантастычным, але назаўтра, 13 красавіка, Канстытуцыйны Суд прызнаў факт парушэньня Лукашэнкам Канстытуцыі і законаў у дачыненьні да сродкаў масавай інфармацыі і запатрабаваў свае ўказы адмяніць (чаго Лукашэнка так і не зрабіў)

У наступныя дні чуў ад некаторых дэпутатаў, што мы, БНФаўцы, толькі нагнятаем сытуацыю, што трэба залагодзіць Лукашэнку, ісьці на кампраміс, шукаць зь ім згоду.

Што, урэшце, прызнанае КС парушэньне Канстытуцыі датычна да свабоды слова «дробнае», і на падставе гэтага пачынаць імпічмэнт – сьмеху варта.

Ня ведаю, ці сьмешна ім сёньня.