НАВУМЧЫК
1.24K subscribers
139 photos
12 videos
168 links
Сяргей Навумчык
Download Telegram
Пахаваньне Васіля Быкава, пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі. 25 чэрвеня 2003.
Аналізуючы падзеі жніўня 2020, некаторыя кажуць (на мой погляд, цалкам слушна), што калі б 200-300 тысяч узялі, умоўна кажучы, рэзыдэнцыю — пралілася б кроў, але сёньня ўлада была б іншай. Але — пралілася б кроў. Абіраць такі спосаб, на маё глыбокае перакананьне, мае права толькі той, хто сам стане ў першыя шэрагі зь ясным усьведамленьнем, што гэта, магчыма, апошнія хвіліны ягонага жыцьця.

Беларусы абралі іншае — мірны супраціў. Ён мае тую перавагу, што суправаджаецца глыбіннымі пераменамі ў народнай сьвядомасьці. У жніўні 91-га БНФ дамогся Незалежнасьці, спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС, але сьвядомасьць большасьці засталася «саўковай» — гэта і спрацавала на прэзыдэнцкіх выбарах ў 94-м.

Шлях мірнага супраціву рэдка калі прыводзіць да хуткай зьмены, бо існуе неабходная ўмова: раскол дзяржаўнага апарату і сілавых структураў.

Як вучыць гісторыя, такі раскол ва ўмовах татальнага непрыманьня народам дыктатуры непазьбежна адбываецца, але працэс можа заняць ня год і ня два.

Абраўшы мірны шлях, гэта трэба ясна ўсьведамляць.

І мне падаецца, тыя, хто цяпер кажа, што «перамога зусім блізкая, трэба толькі крыху яшчэ пацярпець» — у лепшым выпадку, займаюцца самападманам, у горшым — займаюцца проста падманам.
МАХЛЯРСТВА НА РЭФЭРЭНДУМЕ ПРА «ЧЫРЫОНА-ЗЯЛЁНУЮ» СЫМБОЛІКУ

Пра тое, што ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум 1995 г. быў прызначаны з парушэньнем Канстытуцыі і законаў, пісалася шмат.

Нагадаю, што, на думку доктара юрыдычных навук, прафэсара Міхаіла Пастухова, адно толькі зьбіцьцё дэпутатаў у часе працэдуры прызначэньня рэфэрэндуму робіць яго вынікі юрыдычна нікчэмнымі.

Юрыст і праваабаронца Алег Волчак перакананы, што зьбіцьцё дэпутатаў павінна кваліфікавацца як як захоп і ўтрыманьне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, замах на жыцьцё дзяржаўных дзеячоў з мэтай дэстабілізацыі грамадзкага парадку і ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў дзяржаўнымі органамі альбо перашкоды палітычнай ці іншай грамадзкай дзейнасьці. Апошняе кваліфікуецца як тэрарыстычны акт і цягне адказнасьць аж да сьмяротнага пакараньня. Але тады Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па артыкулах... хуліганства і перавышэньне службовых паўнамоцтваў (але і гэтага хапіла, каб Лукашэнка адправіў генпракурора Шаладонава ў адстаўку).

Аднак існуе і адна важная тэхнічная дэталь, датычная галасаваньня менавіта па гербу і сьцягу, пра якую цяпер мала хто памятае.

У бюлетэнях рэфэрэндуму пытаньне фармулявалася наступным чынам: «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?».

Але ні тлумачэньня, што трэба разумець пад словам «новых», ні самога апісаньня герба ці сьцяга, ні іх выяваў у бюлетэнях не было.

«Новы» — гэта ня толькі не юрыдычна-прававое паняцьце, але і вельмі адноснае ў паўсядзённасьці. Скажам, вы прадалі старое аўто і набылі пяцігадовую «шкоду» — і, канешне, у вашай сям’і гэта будзе новы аўтамабіль. Але ці зьяўляецца машына з прабегам больш у 100 тысяч км — новай?

На гэта і разьлічвалі ўлады. Людзі старэйшага пакаленьня памятаюць, што пасьля рэфэрэндуму многія казалі, што галасавалі «за» таму, што пад словам «новыя» разумелі менавіта «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг — на той момант яны сапраўдны ў народнай сьвядомасьці ўспрымаліся новымі, пасьля іх зацьверджаньня прайшло менш чым чатыры гады. А прапанаваныя Лукашэнкам герб і сьцяг успрымаліся як «старыя» — бо практычна такія ж былі ў БССР дзесяцігодзьдзі.

Фактычна, улады пайшлі на махлярства. Гэта можа падацца менш істотным, чым парушэньні Канстытуцыі і заканадаўства пры прызначэньні і правядзеньня рэфэрэндуму, але дазваляе адчуць, да якіх мэтадаў прыбягаў Лукашэнка, каб зьняважыць нацыянальны гонар.

Між іншым, Вярхоўны Савет 12-га скліканьня ня ўносіў зьмены ў заканадаўства па выніках рэфэрэндуму. Гэта зрабіў праз больш чым год (!), 29 чэрвеня 1996, Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, — у імкненьні наладзіць «канструктыўнае супрацоўніцтва» з Лукашэнкам.

Праз пяць месяцаў гэты Вярхоўны Савет Лукашэнка разагнаў. Слова «супрацоўніцтва» невядомае Аляксандру Рыгоравічу. Ён прызнае толькі — «падпарадкаваньне».
Аўтар каналу @reflectionbelarus падказаў ідэю прыгадаць рэфэрэндуум-95. У якой ступені зьмена сімволікі была ініцыятывай Лукашэнкі, а ў якой – Крамля? Выкажу ўласнае меркаваньне. Зацікаўленыя, канешне, былі абодва бакі. Як ні парадаксальна – акрамя Ельцына. https://svabod1.azureedge.net/a/31081932.html
АПАНЭНТЫ ЛУКАШЭНКІ МОГУЦЬ АТРЫМАЮЦЬ БОЛЬШ ПАДТРЫМКІ АД ЭЎРАПЕЙСКІХ СТАЛІЦАЎ, ЧЫМ АД БРУСЭЛЮ

Грандыёзны правал візыту кіраўніка зьнешняй палітыкі ЭЗ Жазэля Барэля ў Маскву (дзе Лаўроў толькі што не круціў яго публічна за вуха, як дырэктар школы трэцяклясьніка, засьпетага за дробным шкодніцтвам), ні ў якой ступені ня можа быць сэнсацыяй.

Гэта — усяго толькі сьведчаньне глыбокага крызісу дыпляматыі Эўразьвязу, які высьпяваў не адзін год.

Што несумненна, па адной пазыцыі Брусэль дакладна выявіў поўную недзеяздольнасьць: ён ня ў стане паўплываць на аўтарытарных суседзяў — прычым ня толькі ўзброеных ядзернымі ракетамі, як Пуцін, але і АМАПаўскімі дубінкамі, як Лукашэнка. І гэта ў сытуацыі, калі вайсковая дактрына Расеі (а Беларусь знаходзіцца ў арбіце вайсковых інтарэсаў Масквы) вызначае Эўропу як патэнцыйнага ворага.

Склалася парадаксальная сытуацыя, калі ня толькі сума намаганьняў эўрапейскіх сталіцаў маюць большую значнасьць, чым намаганьні ЭЗ як структуры, але і нават высілкі асобнай краіны даюць куды большы эфэкт. Прыкладам могуць быць суседнія Вільня, Варшава ці нават няблізкая Прага (Чэхія ўзяла на лячэньне ахвяраў катаваньняў лукашэнкаўскімі сілавікамі; тут актыўную ролю адыграла беларуская дыяспара, прычым, адзначым, жаночая яе частка. Але падазраю, што ў выпадку з ЭЗ на гэта спатрэбіліся б гады ўзгадненьняў).

Падобна, усё гэта падказвае апанэнтам Лукашэнкі найбольш эфэктыўны накірунак міжнародных намаганьняў: эўрапейскія сталіцы, а не Брусэль як цэнтар ЭЗ. Канешне, цалкам скідваць з разьлікаў ЭЗ як структуру ня варта, але і шмат чакаць ад яе не выпадае.
На першым “усебеларускім сходзе” Лукашэнка параўноўваў Незалежнасьць з… гітлераўскай акупацыяй – нагэтулькі ненавідзеў ён сувэрэнітэт Беларусі. https://svabod1.azureedge.net/a/31094431.html
Калі вызначыць сутнасьць сказанага Лукашэнкам на “усенародным сходзе”– гэта халуйства перад Крамлём. Як і раней – настальгія па савецкай імпэрыі, нянавісьць да Незалежнасьці, нянавісьць да нацыянальных каштоўнасьцяў (найперш да беларускай мовы), нянавісьць да дэмакратыі. Але падманваюцца тыя, хто кажа, што Лукашэнка “завяў” – стары воўк яшчэ мае капцюры і клыкі, і ў яго захаваліся інстынкты байца; я бачу таго ж Лукашэнку, якога бачыў у 1993-94. Але змагацца ён будзе толькі за ўладу. У Беларусі пры ім няма ніякай будучыні.
«Паміраць за Расею» могуць зрабіць абавязкам



На арганізаваным уладамі «усенародным сходзе» міністар замежных справаў прапановаў адмовіцца ад канстытуцыйнага палажэньня аб нэўтралітэце, а праз некалькі хвілінаў намесьнік начальніка генштабу прапанаваў замацаваць у Канстытуцыі ўваходжаньне краіны ў сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД.

Абрэвіятура «СНД» не павінна ўводзіць у зман: краіны, якія падпісалі гэтую дамову (так званае АДКБ) у ваеннай сфэры ня могуць зрабіць ніводнага кроку, які б супярэчыў інтарэсам міністэрства абароны РФ і расейскага генштабу.

Гэтыя намеры творча разьвіваюць выказаную Лукашэнкам гатоўнасьць «паміраць за Расею».

Цікаўных тэмай уцягваньня Беларусі ў вайсковую арбіту Масквы адашлю да сваёй кнігі «Дзевяноста трэці». Цяпер толькі нагадаю, што імкненьне да нэўтралітэту патрабаваньне дэпутатаў БНФ было запісанае ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце (артыкул 10) у ліпені 1990, пацьверджана канстытуцыйным актам 25 жніўня 1991 года і Канстытуцыяй у 1994-м.

За некалькі месяцаў да прыняцьця Канстытуцыі Вярхоўны Савет (між іншым, па ініцыятыве дэпутата Лукашэнкі) большасьцю галасоў вырашыў далучыцца да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД — нягледзячы на супраціў БНФ і незалежніцкай часткі грамадзтва. Фактычна, гэта супярэчыла прынцыпу нэўтралітэту, паколькі нэўтралітэт — гэта не ўваходжаньне ў вайсковыя блёкі.

Тым ня менш, імкненьне да нэўтралітэту было зафіксаванае ў Канстытуцыі 1994 года (арт. 18 — «Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай» ) і захавалася нават пасьля зьменаў у выніку т.зв. рэфэрэндуму 1996 г.

Строга кажучы, цяперашні ўдзел Беларусі ў шэрагу сумесных з Расеяй вайсковых структурах, ня кажучы ўжо пра членства ў АДКБ, супярэчыць гэтаму палажэньню канстытуцыі. У Канстытуцыйным Судзе (калі б такі ў Беларусі існаваў рэальна) прыхільнікам цяперашняга становішча было б вельмі цяжка даказаць, што такое членства спрыяе дасягненьню нэўтралітэту. Я нават не магу ўявіць ніводнага колькі-небудзь лягічнага ня толькі прававога, але і вайсковага аргумэнту на карысьць такой пазыцыі.

Гэтак жа сама і любая заява пра імкненьне далучыцца да НАТА супярэчыць гэтаму 18-му артыкулу. Іншая справа, што тэма ўступленьня ў НАТА час ад часу ўздымаецца і дэбатуецца (абмяркоўваць можна ўсё што заўгодна, у тым ліку і канстытуцыйныя зьмены), а членства ў АДКБ — цалкам рэальнае (і па факце антыканстытуцыйнае).

У выпадку, калі ў Канстытуцыю будуць унесеныя заяўленыя зьмены (скасаваньне нэўтралітэту з адначасным далучэньнем да сыстэмы калектыўнай бясьпекі), гэта цяпер ужо канстытуцыйна замацуе вайсковую залежнасьць Беларусі ад Масквы.

І «паміраць за Расею» беларускіх грамадзянаў абавяжа ўжо Канстытуцыя. Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было.

І гэта можна будзе лічыць перамогай Масквы. Альбо — платай Лукашэнкі Пуціну за падтрымку ў жніўні 2020. А хутчэй — і тым, і тым адначасна.

Іншая справа — ці будзе гэтая канстытуцыя прызнаная міжнароднай супольнасьцю, а галоўнае — беларускім народам.
Цяперашнія “санкцыі” ЗША (пазбаўленьне чыноўнікаў права на ўзезд у Амэрыку) нагэтулькі ж "страшныя" для рэжыму, як і выказваньне “глыбокай занепакоенасьці”. Хаця для праформы МЗС, канешне,зробіцьзаявы (падсьмейваючыся з наіўнасьці амэрыканцаў).

На вялікі жаль і па вялікім рахунку, разуменьне працэсаў у Беларусі адміністрацыяй ЗША (незалежна ад таго, дэмакраты ці рэспубліканцы ва ўладзе) усе гады дыктатуры Лукашэнкі застаецца на ўзроўні, што ўсе лукашэнкаўскія чыноўнікі сьпяць і бачаць, каб атрымаць візу на ўзезд ЗША, і пазбавіць іх гэтага права – гэта нанесьці па іх сакрушальны ўдар. Ды чхаць яны хацелі на тыя візы. Тое ж, зрэшты, тычыцца і Вялікабрытаніі,і ЭЗ. Пазбаўленьне візаў ды рахункаў членаў сем’яў – ужо было б больш эфэктыўна. А вось санкцыі супраць тых, хто вядзе бізнэс ці трымае рахункі членаў сем’яў і фінансавых донараў рэжыму – было б пачаткам сур’ёзнай размовы.
ЧЫМ ЛУКАШЭНКА ВЫГАДНЫ ПУЦІНУ

Тое, што заява Пуціна аб мэтазгоднасьці адстаўкі Лукашэнкі, калі б яна была зробленая, ужо ў той жа дзень пазбавіла б апошняга галоўнага апірышча — падтрымкі сілавікоў — тлумачэньняў, думаю, не вымагае.

І значная частка грамадзтва, у тым ліку і некаторыя палітаглядальнікі, лічаць, што Пуцін хоча замяніць Лукашэнку на больш паслухмянага.

Магчыма, такое жаданьне было, да жніўня 2020-га.

Але цяпер Лукашэнка ў ягоным стане поўнай залежнасьці Крэмль задавальняе, бо кожны іншы быў бы абавязаны Маскве пасадай (што нямала), але не свабодай (што непараўнальна болей). Лукашэнка ж абавязаны Крамлю менавіта свабодай — бо без падтрымкі Пуціна ў жніўні 2020-га ягоны лёс склаўся б незайздросна.

Безумоўна, Крэмль ведае сапраўдную вартасьць «народнай падтрымкі» Лукашэнкі, нібыта выказанай яму праз «усенародны сход». Але і ў Расеі рэжым трымаецца найперш на сілавіках, праўда, у большай ступені зьвязаных з бізнэсам. Таму тэма «сходу» на сустрэчы будзе ўсяго толькі фармальнасьцю.

Мэты Пуціна ў кароткатэрмновай пэрспэктыве можна лічыць дасягнутымі. Гэта — пралангацыя на наступныя 25 гадоў дамовы аб знаходжаньні на тэрыторыі Беларусі двух вайсковых аб’ектаў — пад Вілейкай і Ганцавічамі. На станцыі пад Ганцавічамі аўтар гэтых радкоў у 1995 быў у бытнасьць дэпутатам Вярхоўнага Савету. Для Расеі станцыя папярэджаньня аб ракетным нападзе мела раней і захоўвае цяпер надзвычай важнае значэньне. Тады патрабаваньне БНФ не падпісваць дамову было праігнараванае. Несумненна, Лукашэнка яе працягне. Будуць, трэба меркаваць, падпісаныя і некаторыя іншыя дамовы ў вайсковай сфэры.

Ня варта забывацца, што Беларусь для Крамля — гэта, найперш, стратэгічна істотны патэнцыйны тэатар ваенных дзеяньняў на заходнім накірунку. Гэта ісьціна, якую, на жаль, дзесяцігодзьдзямі не маглі ў належнай ступені ўсьвядоміць заходнія палітыкі.

Дамогся Крэмль і поўнага спыненьня таго, што называлі «мяккай беларусізацыяй»: зьнішчаныя дзясяткі нацыянальных культурніцкіх цэнтраў (усе яны дзейнічалі без капейкі дзяржаўнай падтрымкі), пастаўленыя ў невыносныя ўмовы, а то і разгромленыя беларускія выдавецтвы. Нарэшце, пад час ператрусаў сілавікі пачалі забіраць ня толькі нацыянальныя сьцягі, але і літаратуру «няправільных» аўтараў, у тым ліку і па гісторыі Беларусі.

У эканамічнай сфэры варта чакаць перадачы пад кантроль расейскіх алігархаў беларускіх прадпрыемстваў і нават цэлых галінаў вытворчасьці.

Ну а геапалітычныя мэты Крамля былі вызначаныя яшчэ пры Ельцыне: падмінаньне Беларусі аж да поўнага паглынаньня. Пры гэтым фармальна яна можа захоўваць сувэрэнітэт і яго атрыбуты нагадаем, што БССР таксама фармальна была сувэрэннай рэспублікай (артыкул 68). І нават уваходзіла ў ААН, што давала СССР яшчэ адзін голас. Дробязь, але прыемная.
Лукашэнка замяніў Лукашэнку на пасадзе прэзыдэнта нацыянальнага Алімпійскага камітэту. Грамадзтву ясна далі зразумець, у якім пэрсанальным накірунку будуць рухацца так званыя “канстытуцыйныя рэформы”.
Лукашэнка павіншаваў прэзыдэнтаў Сербіі і Ганы, расейскую актрысу Якаўлеву («Интердевочка”, “Каменская” – актрыса сапраўды добрая), але праігнараваў 90-годзьдзе Гарбачова. І ў гэтым – ён увесь. Без Гарбачова саскрабаў бы ён дзярмо з кароў на Шклоўшчыне (ён любіць слова “дзярмо”, ён і рос, па яго словах, у дзярме). Але ўдзячнасьць – рыса, не вядомая Лукашэнку.

Я б нават сказаў так: з тымі, каму ён мусіць быць удзячны за сваю кар’еру і нават за свой лёс (як былы першы сакратар Магілёўскага абкаму Лявонаў, які ўратаваў яго ад турмы) – ён жорстка распраўляецца (Ганчар, Захаранка, той жа Лявонаў і г.д.).

Тлумачыць не бяруся: тут ужо патрэбныя спецыяльныя веды ў псіхіятрыі. Аднак пра гэта варта памятаць тым, хто сёньня яго выратоўвае.
Сумесныя манэўры беларускіх і расейскіх дэсантнікаў сьведчаць, што вайсковае супрацоўніцтва Масквы і Менску выходзіць на новы ўзровень. Але ёсьць і ня менш істотная адметнасьць.

Манэўры цяжка ацаніць інакш, як адпрацоўку карных дзеяньняў супраць мірнага насельніцтва. Пра гэта сьведчыць і геаграфія (палігон «Асіповічы» у Менскай вобласьці — што адносна далёка ад мяжы зь ненавісным NATO, напрыклад, палітон «Дрэтунь» на Віцебшчыне значна бліжэй), і даты — з 15 па 27 сакавіка.

За два дні да завяршэньня вучэньняў, 25 сакавіка — гадавіна незалежнасьці БНР («Дзень Волі»), на які Сьвятланай Ціханоўскай анансаваныя вулічныя акцыі. У выпадку, калі яны набудуць масавы характар, беларускія і расейскія дэсантнікі могуць на мірных пратэстоўцах адпрацаваць заяўленае Мінабароны РФ «совместные специальные действия усиленного парашютно-десантного батальона в обороне и наступлении днем и ночью».

Выбар менавіта такога часу можа мець і іншую мэту — запалохваньне. Зрэшты, маральнае застрашэньне заўсёды было элемэнтам любой вайны — ці з замежным праціўнікам, ці з уласным народам.
ЛУКАШЭНКА, НАШ КЕНЭДЗІ, Джон Фіцджэральд Рыгоравіч. У 1993-94 я ўваходзіў у склад Канстытуцыйнай Камісіі, але ў паседжаньні, якое ўзгадвае ў камэнтары да майго паста ў фэйсбуку юрыст Сяргей Леўшуноў, здаецца, не ўдзельнічаў. Цікавы ўспамін. Ведаў бы раней — уключыў бы ў кнігу «Дзевяноста трэці».

«Как член рабочей группы КК ВС 12 созыва помню следующее. На одном из заседаний РГ ее глава Шолодонов с юмором предложил поддержать ветерана, который в письме предложил увеличить возрастной ценз до 45. Дескать посмотрим, кто будет против. Сказано сделано. Пошутили. Затем было заседание всей КК. Там кто то поинтересовался, зачем увеличили ценз. Я сидел в торце стола и негромко прокомментировал — чтобы Лукашенко не избрали. Раздался дружный смех. А глава КК Шушкевич возмутился- как это, у нас не будет своего Кеннеди? Ценз вернули. И Кеннеди имеем... ».
ПРА ФІЛЬМ NEXTA Я праз дзень чытаю, што ў 1991 БНФ прыйшоў да ўлады, што праводзіў палітыку жорсткай беларусізацыі і літаральна ўсіх прымушаў гаварыць па-беларуску, што ня меў ніякай эканамічнай праграмы, што Пазьняк патрабаваў расстрэлу камуністаў, што ў 1994 БНФ падтрымаў на выбарах Лукашэнку, і безьліч іншых міфаў. І гэта пішуць людзі, якія пачалі выяўляць пэўны інтарэс да палітыкі і да гісторыі.

Варыянтаў два: альбо паставіць на іх назаўсёды кляймо неафітаў і плюнуць, альбо — тлумачыць. Я за тое, каб тлумачыць (гэта, на мой погляд, галоўная місія маіх равесьнікаў, ад 50 да 70, якія памятаюць Адраджэньне пачатку 90-х). Для таго, каб патлумачыць, трэба спачатку даць факты (а часта і гэтага бывае дастаткова). Каб пераканаць, што калектывізацыя ў 30-х была для беларускага народа трагедыяй, дастаткова прывесьці статыстыку, у тым ліку і высланых (больш як 70 000 — толькі па афіцыйных дадзеных тых часоў). «Знак бяды» Быкава — гэта ўжо іншы ўзровень. Але бяз веданьня фактаў вы не зразумееце сэнсу быкаўскага тэксту ва ўсёй паўнаце.

Фільм NEXTA якраз і паказвае факты. Гэта важна. А яшчэ важней, што ён зьбірае іх «да кучы» і вымалёўваецца, так бы мовіць, статыстыка, якая ўражае маштабамі карупцыі нават тых, хто гэтыя факты даўно ведае.
КААРДАНАЦЫЙНАЯ РАДА: “ЛЮСТРАЦЫІ – НЕ!”. ВЫ -- СУР’ЁЗНА? Такім чынам, сябры Каардынацыйнай рады выказаліся супраць люстрацыі (“нічога такога не будзе” - Баграцоў), і заявілі, што прыналежнасьць да нейкай арганізацыі ня можа быць падставай для прыцягненьня да адказнасьці, калі не даказана дачыненьне асобы да парушэньняў правоў грамадзянаў.

Я ня ведаю, які ў сп. Баграцова досьвед у палітыцы і ўвогуле ў грамадзкім жыцьці. Ведаю, што ён ўладальнік пасьпяховай ІТ-фірмы, мае вялікі вопыт у бізнэсе. У мяне нулявы вопыт у бізнэсе і я прафан ў ІТ-сфэры, але быў некаторы досьвед у палітыцы. У тым ліку – і ў сувязі з працэсам рэабілітацыі (наша парлямэнцкая камісія па правах чалавека і я як яе сакратар мелі да гэтай вельмі няпростай справы дачыненьне).

Дазволю сабе выказаць асьцярожны прагноз, што ніхто ніколі не дакажа (і нават ня знойдзе) канкрэтнай віны канкрэтнага маёра КДБ. Таго самага, які аддаваў загады камандзірам ОМОНу з кім і што рабіць, загады дырэктару завода, каго звальняць, судзьдзі – колькі гадоў даваць.

Пасьля ХХ з’езду супрацоўнікам НКВД, якія катавалі і расстрэльвалі ў 30-40-х, было каля 40 плюс-мінус, у час адкрыцьця Пазьняком Курапатаў ім было 70 плюс-мінус, але ўсе яны спакойна памерлі ў сваіх ложках (ці ў дамах на Ленінскім праспэкце, ці ў шпіталі КГБ). “Понимаешь, ничего невозможно найти, документов не осталось» - тлумачыў мне першы намесьнік старшыні КДБ і таксама дэпутат ВС генэрал Лавіцкі.

І афіцэры КДБ зразумелі: калі старэйшыя таварышы не панесьлі адказнасьці за расстрэлы пры Сталіне – значыць, можна будзе прыступіць да рэпрэсій пры Лукашэнку.

Тым больш, што “лідэры апазыцыі” кажуць: арганізацыя (установа) сама па сабе не вінаватая. Ну, а дакумэнты… “Рукописи не горят» -- гэта пра геніяльную прозу. Дакумэнты ж т.зв. праваахоўным ворганаў гараць, ды яшчэ як.

Але ў асноўным указаньні ўдаюцца без усялякіх дакумэнтаў. Голасам. А голас – што? Сатрасеньне паветра…
Я не прыхільнік містыцызму, але не пакідае адчуваньне, што беларускую дэмакратычную апазыцыю перасьледуе нейкі злы рок: як толькі ўзьнікае патрэба ў міжнароднай дапамозе — увага Захаду пераключаецца на нешта іншае. Найбольш красамоўны прыклад — прэзыдэнцкія выбары 9 верасьня 2001 году: назаўтра пасьля «элегантнай перамогі» Лукашэнкі вядучыя сусьветныя выданьні напісалі пра масавыя фальсыфікацыі і ўзьнялі пытаньне — калі ж нарэшце сьвет усур’ёз возьмецца за апошняга дыктатара Эўропы. Але яшчэ праз дзень беларуская тэма была змытая на далёкую пэрыфэрыю: кіруемыя тэрарыстамі самалёты ўрэзаліся ў нью-ёрскія хмарачосы, усім стала не да Беларусі.

Як бы ні ставіцца да ідэі перамоваў апанэнтаў рэжыму з Лукашэнкам, даводзіцца прызнаць, што бяз моцнай міжнароднай падтрымкі (у бок апазыцыі) і ня менш моцнага ціску (на Лукашэнку) перамовы немагчымыя. Але трэба глядзець праўдзе ў вочы: афіцыйны Менск можа пайсьці на нейкія крокі толькі ў выніку адной з двух умоваў, адна зь якіх — пазыцыя Масквы. Праўдай застаецца і тое што прымусіць гэта зрабіць можа толькі раўназначны гулец, які знаходзіцца з Расеяй у роўнай палітычнай і ваеннай вагавай катэгорыі — ЗША. Эўрапейскі зьвяз можна нават ня браць пад увагу — ён пэрманэнтна дэманструе хранічную слабасьць, што і выявіў нядаўні феерычна правальны візыт у Маскву кіраўніка зьнешнай палітыкі ЭЗ.

У гэтым сэнсе, цяжка ўявіць якія-небудзь горшыя адносіны паміж Масквой і Вашынгтонам, чым цяперашнія (акрамя вайны, канешне). Цяперашні абмен «камплімэнтамі» паміж Байдэнам і Пуціным зафіксаваў узровень нават не «халоднай вайны» часоў Брэжнева і Андропава, а супрацьстаяньне гадоў позьняга Сталіна. Да таго ж, у «крымскай» прамове Пуціна няцяжка пачуць ня надта і прыхаваныя экспансіянісцкія намеры: ва ўсялякім разе, словаў пра створаныя бальшавікамі «квазідзяржавы» па пэрымэтры сучаснай Расеі з 1991 года з вуснаў кіраўнікоў Расеі не гучала.

У такой сытуацыі для Пуціна пайсьці на саступкі Байдэну ў тэме Беларусі і аслабіць «сацыяльна блізкага» Лукашэнку — азначае самому прадэманстраваць слабасьць, а гэта ні пры якіх варыянтах не адпавядае інтарэсам гаспадара Крамля. Калі ў больш звыклых для яго тэрмінах — такое было б «не па-пацанскі».

Канешне, было б памылкай зьмяншаць значнасьць міжнародную актыўнасьць Рады БНР, офісу Ціханоўскай, дыяспаральных арганізацый у дзясятках краінах сьвету, іх як адкрытыя, гэтак і кулюарныя сустрэчы. Гэта важна хаця б для ціску на рэжым у справе вызваленьня палітычных вязьняў.

Але, думаецца, галоўнае залежыць ад таго, што робіцца і што будзе рабіцца ў самой Беларусі. І тут я маю на ўвазе другую (а насамрэч, галоўную) умову — ціск на ўлады беларускага грамадзтва. Міжнародная падтрымка будзе наўпрост прапарцыйнай гэтаму ціску. І пры пэўных умовах ён можа дасягнуць такой сілы, што ніякія перамовы ўжо не спатрэбяцца.

І калі вярнуцца да тэмы дзіўных ды неспрыяльных для апазыцыі супадзеньняў — хто ведае, магчыма, у іх ёсьць і пэўны сэнс: нейкая вышэйшая сіла дасылае беларусам заклік спадзявацца толькі на сябе.
Цынізм Лукашэнкі ня мае межаў. Выступаючы ў Хатыні супраць Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, ён узгадаў у Хатыні фільм па творах Адамовіча. Тады як вэтэраны вайны з нацызмам Адамовіч і Быкаў, і сын партызана Барадулін у 1991 выступілі за «Пагоню», Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі!». https://svabod1.azureedge.net/a/31163033.html